Віцебскі Мірон занепакоены вялікай дзяржаўнай пазыкай
Чарговы бел-чырвона-белы сцяг быў вывешаны 28 снежня ў пасёлку Руба пад Віцебскам.
Сцяг Мірона там з’явіўся ўпершыню і правісеў досыць доўга — больш за дзве гадзіны. Як распавёў Радыё Свабода віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, палотнішча было прымацаванае да электрычных дратоў высока над дарогай. Да сцяга была прымацаваная цыдулка, у якой Мірон папярэджвае пра тое, што “беларускі народ не павінны несці адказнасць па шматмільярдных пазыках, набраных нелегітымным рэжымам”.
Барыс Хамайда лічыць, што бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся як напамін пра тое, што ў сярэднім на кожнага беларуса дзяржаўная пазыка іншым краінам складае не адну тысячу долараў. І што з кожным годам кіравання Аляксандра Лукашэнкі гэтая запазычанасць расце, накладаючы дадатковыя эканамічныя абавязкі ўжо на дзяцей і ўнукаў сённяшніх грамадзянаў Беларусі.