Вулічныя хваляванні ў Каракасе: разагнаная апазіцыйная дэманстрацыя
Група матацыклістаў у масках атакавала дэманстрантаў, якія больш за тыдзень дамагаліся дакладных звестак пра здароўе Чавеса ля будынку Вярхоўнага суда.
Гэта адбылося праз некалькі хвілінаў пасля абвяшчэння пра смерць прэзідэнта Венесуэлы.
У дэманстрацыі ўдзельнічала каля 40 студэнтаў. Яны паставілі намётавае мястэчка ля будынку Вярхоўнага суда і цягам апошняга тыдня патрабавалі дакладных звестак пра здароўе Чавеса. Увечары 5 сакавіка, калі віцэ-прэзідэнт Нікалас Мадура абвясціў пра смерць Чавеса, матацыклісты, узброеныя пісталетамі, спалілі намёты і разагналі мітынгоўцаў.
Тым часам віцэ-прэзідэнт Мадура, які будзе кіраваць краінай да наступных прэзідэнцкіх выбараў, заклікаў прыхільнікаў Чавеса збірацца на плошчы імя Сімона Балівара ў Каракасе. Таксама людзі збіраюцца ля прэзідэнцкага палаца Мірафлорэс. Яны бясконца скандуюць "Няхай жыве Чавес! Няхай жыве Чавізм", а таксама рэвалюцыйны лозунг "El pueblo unido jamás será vencido" ["Пакуль мы разам — нас не перамагчы". — Еўрарадыё].
Пачынаючы з пятніцы, калі будзе пахаваны Уга Чавес, у Венесуэле абвяшчаецца семідзённая жалоба. На гэты ж час зачыняюцца венесуэльскія школы.