Выйшла на волю магілёўская журналістка Ганна Ільіна
Яе выпусцілі 9 ліпеня ўвечары. У ізалятары яна правяла шэсць сутак за ўдзел у “маўклівай акцыі” 3 ліпеня.
Незалежная журналістка працавала на акцыі па заданні кампаніі "Вэлком" і рабіла фотарэпартаж. Яна не прызнае сябе вінаватай і будзе абскарджваць прысуд. У выпадку, калі першую скаргу не задаволяць, яна пойдзе далей. Ганна Ільіна будзе скардзіцца на канкрэтных людзей, у тым ліку на супрацоўнікаў, якія яе затрымлівалі, паведамляе БелаПАН.
З яе словаў, затрыманне было больш падобным да выкрадання, таму яна крычала і клікала на дапамогу. Менавіта з гэтай прычыны яе абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі.