Выкладчыкам ВНУ без навуковай ступені падвысілі заробкі
Выкладчык-стажор з 1 студзеня 2012 года будзе зарабляць ад 1,8 мільёна рублёў, а старэйшы выкладчык — ад 2,2 мільёна рублёў.
Гэта прадугледжана ўрадавай пастановай № 1778 ад 30 снежня 2011 года. Аклады педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу павялічаныя на 50%, паведаміў сёння ў эфіры тэлеканала “Беларусь-1” першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук.
З улікам таго, што таксама падвышаная тарыфная стаўка першага разраду, заробкі выкладчыкаў узрастуць агулам на 75%. Надбаўку атрымаюць больш за 13 тысяч чалавек — гэта больш за палову выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў, інфармуе БелаПАН.