Выраслі продажы тэлевізараў вялікіх дыяганалей і спалі продажы мабільнікаў

У турыстычнай фірмы Sakub зараз долар каштуе 5500 рублёў. Менавіта столькі ён каштаваў і два тыдні таму.

“Гэта звязана з тым, што мы набываем долар ў банка за 5200 рублёў. Калі ёсць магчымасць набыць. Яны кажуць, што калі б маглі прадаць нам валюту, то прадалі б менавіта па такім курсе.Але у нас валютная ліцэнзія, і людзі без аніякіх праблем нясуць еўра, долары”. 

У Sakub кажуць, што прыкладна 90 працэнтаў кліентаў зараз разлічваюцца валютай. А тыя, хто жадае аплаціць адпачынак рублямі, аказваюцца не гатовыя да новага курсу. 


“Некаторыя прыходзяць, даведваюцца пра курс, і проста сыходзяць. Крыху непрыемна, людзі яшчэ не гатовыя да такога курсу.” 

 
Нягледзячы на тое, што казаць пра адсутнасць працы не даводзіцца, у фірме адзначаюць, што продаж знізіўся амаль на 20 працэнтаў.


За два тыдні курс не змяніўся і ў “Альфа-тур”. Кошт долара тут складае 5000 рублёў. 


Карэспандэнт Еўрарадыё звярнуўся ў інтэрнэт-краму, якая займаецца продажам аўтазапчастак. Алейнай помпы для “опеля” 2002 года ў наяўнасці не было. Але калі б яна і была, то давялося б расплачвацца па курсе 7100 рублёў за еўра. Два тыдні таму еўра ў гэтай краме каштаваў 6500 рублёў.


У сярэднім, курс долара вырас і ў інтэрнэт-крамах, якія гандлююць электра- і бытавой тэхнікай. Карэспандэнту Еўрарадыё прапанавалі набыць тэлевізар Samsung (з дыяганаллю 40 дзюймаў) за 860 долараў па курсе 4000-4200 рублёў.

У крамах лічаць, што людзі ўжо прывыклі да новага курса.Супрацоўнік інтэрнэт-крамы кажа, што месяц таму назіраўся рост попыту на дарагія тэлевізары вялікіх памераў.

“Зусім нядаўна быў перыяд, калі людзі набывалі шмат тэхнікі, пераважна дарагой. Калі тэлевізары, то вялікіх дыяганаляў і дарагія мадэлі. А продажы тэлефонаў і DVD-плэераў на гэты час знізіліся. Гэта было падчас пад’ёму курса. Народ палохаўся і набываў усё, што толькі можна, пакуль і тое не падаражэла. Зараз стала спакойней, сітуацыя крыху супакоілася.”


Супрацоўнік кажа, што свае валютныя праблемы крама вырашае, як і ўсе астатнія – праз чэргі ў банках. Часам даводзіцца стаяць доўга. 


У інтэрнэт-крамах не могуць сказаць, як будзе змяняцца курс бліжэйшым часам.

“Калі адразу было зразумела, што курс будзе толькі расці, то зараз усё спынілася, і на працягу двух тыдняў – адноснае зацішша.”

 

цяпер

2 тыдні таму

5 тыдняў таму

Інтэрнэт-крамы

4000-4200

3900-4000

3100 - 3800

Нацбанк

3061

3048

3045

Латвійскі банк Rietumu

5350

рубль зняты з канвертацыі

4500

Турфірмы

5000-5500

5000-5500