Вывяржэнне ісландскага вулкана пакуль не перашкодзіла рэйсам "Белавія"
Але прагнозаў на будучыню ў Нацыянальнай авіякампаніі не даюць.
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў намеснік гендырэктара "Белавія" Ігар Чаргінец. Па яго словах, кампанія ўважліва сочыць за сітуацыяй з вывяржэннем ісландскага вулкана Грымсвотн і звязваецца з гэтай нагоды са службамі кіравання паветранага руху ў Еўропе.
Пакуль што атмасфернае паветра ў Беларусі ідэальна чыстае пасля залевы 23 траўня.
Дарэчы, па звестках РІА "Новости", у Еўропе ў аўторак адмененыя больш за 250 авіярэйсаў. Воблака попелу ад вывяржэння ісландскага вулкану дасягнула тэрыторыі Шатландыі і поўначы Ірландыі. Дым ад вулкана Грымсвотн падняўся на вышыню да 20 кіламетраў. Ісландскія вулканолагі мяркуюць, што вывяржэнне вулкана працягнецца, хутчэй за ўсё, некалькі дзён ці тыдняў і не прывядзе да агульнаеўрапейскага авіяцыйнага калапсу, як увесну 2010 года.