Як выглядае абед паводле Белстату за 9 900 рублёў у мінскай сталоўцы?

120607 Martin Obedy.mp3

Белстат падлічыў, што ў сталоўцы ў красавіку можна паабедаць ніжэй за 10 тысяч рублёў. Што прапануюць за гэту суму і дзе знайсці танны абед?

Паабедаць на гэтыя грошы ў сталоўцы мінчане нават не разлічваюць.

“У шкоду сабе можна паабедаць на 20-25 тысяч рублёў у сталоўцы”, — адказвае дзяўчына. Пры гэтым заўважае, што звычайна стараецца браць на працу ежу з дома.


Кантрольнае тэлефанаванне ў некалькі мінскіх сталовых таксама безвыніковае. Круцяць меню і так, і гэтак, але абед з 4-х страў за 9 900 рублёў мне не падбіраюць.
"Не, на такую суму мы не зможам вас накарміць, — гаворыць загадчыца сталічнай сталовай. — Адна катлета, самая танная — 8 000, а яшчэ вы ж суп хочаце, і кампот. Нават гарнір на такую суму не выйдзе”.

 
Не губляючы надзеі знайсці абед крыху больш як за долар, я іду па сталоўках. У першай жа страўні Мінгарвыканкама чакае расчараванне. Нават калі вазьму самыя танныя стравы з прапанаванага меню: суп малочны (1 600 рублёў), амлет са шпікам (6 700 рублёў), загадкавая салата “Сюрпрыз” за 2 050 і гарбату без цукру за 1 750 рублёў — то на 2 тысячы перавышаю ліміт Белстата. А калі 9 900 — гэта сярэдні кошт абеду, то недзе ёсць і танней!?


Калі бульбяное пюрэ можна купіць яшчэ па боскай цане — паўтары тысячы за порцыю, дык за самую танную катлету да гарніру прыйдзецца спусціць адным махам усю адпушчаную Белстатам суму на абед у сталовай.


У сталовай Белдзяржуніверсітэта мне амаль шанцуе — пераплачваю за абед 600 рублёў. Натуральна, “збіраю” па частках: салата з марской капусты і буракоў каштуе 1 600 рублёў, боршч халодны — 2 000 рублёў, катлеты з мінтая за 6 300 і порцыя глейкага рысу да катлеты за 850 рублёў. Завяршае абед салодкая гарбата на разліў — 800 рублёў. За цэлы паднос ежы плачу 10 550 рублёў.

Катлета з мінтая і порцыя глейкага рысу


На жаль, ні выгляд ежы, ні яе смак асаблівага захаплення не выклікаюць. Не дапамагае нават тое, што з раніцы ў страўніку пабываў толькі кубак гарбаты! Не лезуць ні перасоленая катлета, ні рыс, ні нават боршч. Трэба было не эканоміць і паесці, як усе ў сталоўцы — бульбай з нармальнай катлетай.


Але самым танным прадпрыемствам грамадскага харчавання можна лічыць сталовую Міністэрства сельскай гаспадаркі. Калі не браць рыбу аргенціну ў смятане за 10 300 рублёў, проста можна паабедаць салатай “Беласнежка” (3 900), малочным супам (1 850), бульбай з кропам (2 500) і запіць гэта хараство гарбатай “Грынфілд” (1 250) — атрымаецца, акурат як Белстат загадваў!

Боршч, катлета "Нясвіж", бульба, салата "Беласнежка", сок — за ўсё 32 650

Пасля безвыніковага рэйду па сталоўках хочацца не проста паесці… Адпраўляюся ў рэстаран.
Кіруюся ў дэпутацкую залу рэстарана “Застолле”, што ў будынку ГГУ Упраўлення справамі прэзідэнта на Мяснікова. У меню кошты амаль дармавыя. Талерка супу вар'юецца ад 2 500 да 4 400 рублёў, самая дарагая салата каштуе крыху больш за шэсць тысяч, а комплекснае другое — запечаная курыца з чарнаслівам з бульбяным пюрэ і агурком — абыходзяцца мне ў 17 тысяч. За ўвесь жа абед плачу 24 900 рублёў. Гэта нават менш, чым падлічыў Белстат! І з чаго гэта мяне панесла ў сталоўку?

Запечаная курыца з чарнаслівам з бульбяным пюрэ і агурком

Суп малочны