Яраслаў Раманчук: Тэтчэр добра разумела, што адбываецца ў Беларусі

На 88-м годзе жыцця ад інсульту памерла Маргарэт Тэтчэр. “Жалезная лэдзі” была першай жанчынай, якая ўзначаліла ўрад Вялікабрытаніі і кіравала ім з 1979-га па 1990 год.

Эканаміст Яраслаў Раманчук сустракаўся з Маргарэт Тэтчэр на пачатку 2000-х. Баранэса ўжо 10 гадоў была ў адстаўцы, але выступала на з’ездах Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі, да якой належала ўсё жыццё. Замежным партнёрам брытанскіх кансерватараў у тыя часы была беларуская АГП, а намеснікам старшыні партыі быў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: “Я сустракаўся з ёй тройчы. Пытанні, якія яна задавала, сведчылі, што яна ведае не толькі, дзе знаходзіцца Беларусь, але і што ў нас там адбывалася. Яна добра разумела, што гэта ў нас рэжым, што няма свабоды. І была ў нашай размове легендарнай асобай і адначасова звычайным палітыкам, сябрам. Яна пыталася простыя і добрыя рэчы: "Як там у вас у Беларусі, як дэмакратыя? Я чула, трымайцеся, і мы вас падтрымаем”.

З брытанскай дыпламатычнасцю Маргарэт Тэтчэр абмінала канкрэтныя ацэнкі сітуацыі ў Беларусі. Нават перадаўшы пасаду прэм’ера Джону Мэйджару, “жалезная лэдзі” засталася кумірам для брытанцаў: паплечнікі па партыі нязменна сустракалі яе авацыямі. На думку Раманчука, Тэтчэр як ніхто ўмела адпавядаць часу, у якім жыла. Калі ў 1970-я сітуацыя патрабавала ад яе жорсткасці, яна стала жалезнай. Але з часам аўтарытарны стыль саступіў месца жаночай сціпласці.

Фота з сацыяльных сетак.