Юлія Цімашэнка просіць ЕС падпісаць дамову з Украінай
Яна напісала кіраўніцтву Еўрасаюза ліст з-за кратаў.
Былы прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка, асуджаная кіеўскім судом да сямі гадоў зняволення, заклікала ЕС не адмаўляцца ад падпісання пагаднення з Кіевам. Пагадненне датычыцца асацыятыўнага членства Украіны ў ЕС, паведамляе ВВС.
У сваім пасланні самы вядомы апазіцыйны палітык Украіны заяўляе, што прэзідэнт Віктар Януковіч стварыў у краіне аўтарытарны рэжым. Аднак Цімашэнка лічыць, што гэта не павінна спыніць рух Кіева ў Еўропу.
Нагадаем, што Брусэль адмовіўся ад падпісання дамовы з Кіевам пасля прысуда Юліі Цімашэнцы. У ЕС яго назвалі палітычна матываваным.