“Юнацтву” давядзецца выбіраць паміж чэмпіянатам Беларусі і ВХЛ
Пра такую ўмову заявіў кіраўнічы дырэктар Вышэйшай хакейнай лігі (ВХЛ) адкрытага чэмпіянату Расіі Герман Скарапупаў.
Каментуючы ў эфіры перадачы “Трыбуна” на КХЛ ТВ выступ клубаў-дэбютантаў, ён назваў галоўным мінусам “кадравы фінт” мінскага “Юнацтва”, якое ў канцы студзеня перакінула адразу 20 гульцоў асноўнай каманды і галоўнага трэнера Міхаіла Захарава ў дачэрнюю дружыну беларускай экстралігі “Юніёр”. Пры гэтым у 9 апошніх матчах чэмпіянату ВХЛ гуляла моладзь, якая ў гэтых сустрэчах пацярпела 7 паразаў, паведамляе БЕЛТА.
Са словаў Германа Скарапупава, удзел “Юнацтва” ў ВХЛ у наступным сезоне яшчэ будзе абмяркоўвацца. Адной з умоваў стане адмова каманды ад удзелу ў чэмпіянаце Беларусі.
У сваім дэбютным сезоне ў ВХЛ “Юнацтва” з 55 ачкамі пасля 52 матчаў і розніцай шайбаў 104-160 заняло ў рэгулярным чэмпіянаце 23-е месца сярод 27 каманд. Адставанне каманды ад мяжы плэй-оф склала 21 ачко.