З Беларусі высылаюць польскага кіроўцу-п'яніцу
Грамадзяніна Польшчы некалькі разоў затрымлівалі за рулём аўтамабіля ў нецвярозым стане.
Як паведамляе БелаПАН, некалькі дзён таму даішнікі затрымалі замежніка на Мінскай кальцавой аўтадарозе. У крыві паляка было выяўлена 1,6 праміле алкаголю.
Інспектары выявілі, што летась у студзені за кіраванне ў нецвярозым выглядзе паляка пазбаўлялі правоў на тры гады з канфіскацыяй пасведчання кіроўцы. Аднак у сябе на радзіме мужчына здолеў аднавіць дакументы.
Цяпер прынята рашэнне выслаць замежніка з Беларусі на год. Да таго ж за язду нападпітку паляку давядзецца заплаціць штраф — каля 1,5 млн рублёў.