З мінскіх кінатэатраў на тры дні прыбралі камедыі
Але драмы і фэнтэзі на вялікім экране засталіся. Пра змены ў рэпертуары кінатэатраў Еўрарадыё распавёў генеральны дырэктар “Кінавідэапракату” Васіль Коктыш.
Праз жалобу, абвешчаную ў Мінску пасля тэракту ў метро, змяніўся рэпертуар мінскіх кінатэатраў. З пракату на 3 дні зніклі “Больш, чым сэкс” і “Рыа”, распавёў Еўрарадыё гендырэктар “Кінавідэапракату” Васіль Коктыш:
“Мы паздымалі ўсе камедыі. Мы змянілі расклад, але ў інтэрнэце ён мог застацца стары. Так, мы знялі з пракату “Болей, чым сэкс”, “Рыа”. Засталіся драмы, бо мы не можам зачыніць кінатэатры. У асноўным засталіся фэнтэзі, трылеры. Гэта “Забаронены прыём”, “Зыходны код”, “Лінкольн для адваката”. У такім рэжыме кінатэатры будуць працаваць тры дні – па пятніцу ўключна. Усе гэтыя пытанні мы ўзгаднялі з праваўладальнікамі”.
З суботы, 16 красавіка, мінскія кінатэатры запрацуюць па звыклым раскладзе.
Па словах Коктыша, гледачы і самі разумеюць, што дні жалобы – не самыя ўдалыя для таго, каб бавіць час у кінатэатрах.
Фота: znyata.com