За два месяцы на Брэстчыне абабралі 23 аўтамабілі БМВ
Злодзеяў цікавяць дарагія парктронікі і люстэркі.
Як вынікае з інфармацыі на сайце Брэсцкай абласной міліцыі, не рэдкасць і серыйныя абрабаванні. 31 кастрычніка з двух БМВ у цэнтры Брэста знялі люстэркі коштам каля 4 мільёнаў рублёў. За ноч 18 кастрычніка тут таксама абабралі чатыры “бумеры”, усе дарагіх мадэляў. Тры “БМВ Х5” належаць брэстаўчанам, а “БМВ 745” грамадзяніну Нямеччыны. У немца знялі люстэркі на 5 мільёнаў рублёў. Усе чатыры аўтамабілі стаялі каля дамоў у цэнтры горада.
А ў Пінску ў верасні невядомы пабіў дах БМВ індывідуальнай прадпрымальніцы будаўнічай матыкай. Матыку далучылі да матэрыялаў справы, меркаванага хулігана, які нанёс шкоду ў 4 мільёны рублёў, абвясцілі ў росшук.
Хоць БМВ даўно “ў візіры” злодзеяў, міліцыя пакуль не парадавала паведамленнем, што затрымала хоць каго з тых, хто спецыялізуецца на прэстыжнай марцы.