За лета бутэлька гарэлкі падаражэла на 1,5 бутэлькі піва

110921 Rugajn Alkogol.mp3

1 верасня ўказ прэзідэнта павялічыў акцыз на гарэлку на 35 адсоткаў.

“Кожны падняў свае адпускныя кошты: нехта на 15 адсоткаў, нехта на 17 ці 13. На паліцах рост кошту склаў каля 20 адсоткаў”, - распавядае Еўрарадыё намеснік камерцыйнага дырэктара завода “Дыяніс” Андрэй Бутоўскі.

Новы акцыз будзе дзейнічаць да канца года, таму істотных падаражанняў гарэлкі бліжэйшым часам не чакаюць. Зараз паўлітровая бутэлька папулярнай гарэлкі каштуе 16990 рублёў. За лета яна падаражэла на 5 тысяч рублёў – больш, чым зараз каштуе паўлітровая бутэлька “Аліварыі”.

Як даведалася Еўрарадыё, каб не пужаць пакупнікоў істотным разавым падаражаннем, “Аліварыя” некалькі разоў павышала кошты на 5-7 адсоткаў.

Супрацоўніца аддзела продажу “Аліварыі” Алена: “Мы меркавалі, што цэны павысяцца, таму рабілі паступовыя невялікія павышэнні, каб гэта не моцна адбілася на цане. Так будзе і далей. Цяжка прагназаваць, сітуацыя вельмі хутка змяняецца”.

Коштамі на віно ці гарэлку на “Аліварыі” не цікавяцца, бо не канкурэнты.

Супрацоўніца аддзела продажу “Аліварыі”: “Гэта розныя прадукты. На віна-гарэлачныя вырабы мы не раўняемся. Гэтыя тавары канкуруюць у малай ступені”.

Тым часам падаражэла і пладова-ягаднае віно. Яно і не дзіўна: акцыз вырас у 2,7 (!) разы. На Баранавіцкім камбінаце харчовых прадуктаў кажуць, што віно падаражэла на 40-50 адсоткаў.

Супрацоўніца аддзела прагназавання Баранавіцкага камбіната харчовых прадуктаў:

“Быў каля 6 мільёнаў рублёў, а цяпер вырас на 8 мільёнаў і складае 14 мільёнаў рублёў на 1 тысячу дэкалітраў”.

Зараз адпускная цана за паўлітровую бутэльку віна – 4100 рублёў, за бутэльку аб’ёмам 0,7 літра – 5695 рублёў.

А бліжэйшым часам віно зноў падаражэе, хай сабе і не істотна.

Супрацоўніца аддзела прагназавання Баранавіцкага камбіната харчовых прадуктаў:

“Кошты будзем падымаць адназначна, можа, з 1 кастрычніка. Але не на шмат – адсоткаў на 5-7. Калі да новага года і падаражэе віно, то, можа, на тысячу рублёў”.

Увогуле ж, за апошні час бутэлька баранавіцкага віна падаражэла з 5-6 тысяч да 9-10 тысяч рублёў - роўна на бутэльку “Жыгулёўскага”, якая цяпер каштуе 3600 рублёў. А кошт бутэлькі папулярнай гарэлкі павысіўся амаль на 1,5 бутэлькі “Жыгулёўскага” ці на 5 тысяч рублёў.

Фота: lioznonews.by