За пад'ём на Курган Славы пачалі браць грошы
Такое рашэнне прыняў Мінаблвыканкам. Новаўвядзенне дзейнічае з 20 сакавіка.
Пра гэта паведамляе onliner.by са спасылкай на адміністрацыю мемарыяльнага комплексу. Плату ўвяла дзяржаўная ўстанова "Дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь": Курган Славы — філія гэтага комплексу. Прычына банальная: на падтрыманне комплексу няма сродкаў.
Школьнікам і навучэнцам пад'ём на Курган Славы будзе каштаваць 1500 рублёў, астатнім грамадзянам — 3000. Грошы возьмуць проста за тое, што вы ўздымецеся па прыступках.
Дарэчы, на Курган Славы ладзяцца і экскурсіі. Экскурсія для школьнікаў і навучэнцаў каштуе 7000 рублёў з групы да 20 чалавек. Астатнім давядзецца заплаціць 12 тысяч (група да 5 чалавек) ці 19 тысяч рублёў (група ад 5 да 20 чалавек), паведамляе сайт "Мы".