За пажар на "Пінскдрэве" пакуль нікога не затрымалі

Пра гэта паведамляе Першы нацыянальны тэлеканал.

Гэта трэцяя ахвяра надзвычайнага здарэння. У лякарнях застаюцца 18 пацярпелых, з іх 14 - у рэанімацыі з моцнымі апёкамі. 7 пацыентаў уначы былі перавезены ў Мінск, 5 - у Брэсцкую абласную лякарню.

Нагадаем, напярэдадні ў Пінску ў адным з цэхаў прадпрыемства адбыўся выбух, пачаўся пажар. У момант трагедыі ў памяшканні працавалі 29 чалавек, двое з іх загінулі. 19 выратавальніцкіх разлікаў пагасілі пажар на плошчы ў сто квадратных метраў. Прычына выбуху высвятляецца.


10:00 Пажар на фабрыцы ў Пінску адбыўся ад выбуху адкладаў драўнянага пылу

Меркаванай прычынай пажару на дрэваапрацоўчай фабрыцы ў Пінску названы выбух адкладаў драўнянага пылу. Ён адбыўся з-за парушэння правілаў эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу МНС.


13:02 Мінскія лекары не паведамляюць журналістам пра стан пацярпелых з Пінску

Зміцер Лукашук

Пра гэта карэспандэнту Еўрарадыё паведаміў галоўны лекар Мінскай гарадской лякарні хуткай дапамогі Віктар Сірэнка.

Па яго словах, лекары не даюць каментароў, бо адпаведнага дазволу не атрымалі ад Мінздароўя. Сп.Сірэнка заявіў, што ён ужо адмовіў у каментарах дзяржаўным тэлеканалам - БТ, СТВ, АНТ.

Нагадаем, што ў лякарні хуткай дапамогі ў  Мінску знаходзяцца пяцёра з 18 пацярпелых ад выбуху на фабрыцы "Пінскдрэў" 25 кастрычніка.


15:05 Пацярпелым пінчукам трэба пратрымацца яшчэ двое сутак

Яўген Бяласін, Еўрарадыё

Пяцёра пацярпелых на “Пінскдрэве”, якія знаходзяцца ў рэанімацыі Брэсцкай абласной бальніцы, знаходзяцца ў цяжкім стане. Гэта патлумачыў намеснік галоўнага ўрача бальніцы Тадэвуш Гарафінчык.

Спадар Герасімчык адзначыў, што ўся медыкаментозная дапамога аказваецца пацярпелым у поўным аб’ёме, пакуль што дастаткова крыві і плазмы.

Як піша газета "Вечерний Брест", загадчык аддзялення рэанімацыі брэсцкай абласной бальніцы Ігар Лобан паведаміў: калі пацярпелыя здолеюць пратрымацца трое сутак, то іх шанцы выжыць істотна вырастуць.


16:55 За пажар на "Пінскдрэве" пакуль нікога не затрымалі

Еўрарадыё

Па справе выбуху на “Пінскдрэве” пакуль ніхто не застрыманы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці Вольга Дзмітрук.

Нагадаем, 25 кастрычніка ў адным з цэхаў прадпрыемства адбыўся выбух. На пажары загінул два чалавекі, трэці памёр у лякарні. 18 чалавек дагэтуль застаюцца пад наглядам медыкаў. Праваахоўнікі яшчэ 25 кастрычніка пачалі крымінальную справу, якую вядзе пракуратура Брэсцкай вобрасці.

Сярод прычынаў, якія прывялі да трагедыі, называецца і парушэнне пажарнай бяспекі.

Дзмітрук: “Натуральна, што нейкія парушэнні ёсць, калі гэта здарылася. Калі б гэтых парушэнняў не было, не было б і выбуху. Але якія парушэнні і хто іх дапусціў – пакуль гэта не ўстаноўлена”.







Фота: "Вечерний Брест"

Гл. таксама: Вопратка работнікаў "Пінскдрэва" згарэла адразу, бо рабілася з сінтэтыкі