За першы квартал спажывецкія цэны ў Беларусі выраслі на 6,1%

У сакавіку 2011 года спажывецкія цэны ў Беларусі выраслі на 1,9%, з пачатку года — на 6,1%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Для параўнання: у сакавіку 2010 года цэны павялічыліся на 1,1%, за першы квартал — на 2,5%.

Цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі ўзраслі ў сакавіку гэтага года на 2,6%, за квартал — на 7,8%.

Цэны на будаўніча-мантажныя работы павысіліся на 0,2% у сакавіку і знізіліся на 1,9% паводле вынікаў квартала.

Тарыфы на грузавыя перавозкі выраслі ў сакавіку на 1,6%, з пачатку года — на 6,3%.

Тарыфы на паслугі сувязі для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у сакавіку не змяніліся, з пачатку года зменшыліся на 0,4%.

Харчовыя тавары падаражэлі ў сакавіку на 1,7%, у студзені—сакавіку — на 6,1%. Лідарамі па росце цэн у сакавіку сталі бульба (8,4%), крупы (3,9%), садавіна (3,1%), кандытарскія вырабы (2,6%), з пачатку года — бульба (26,8%), цукар (20,9%), крупы (17,6%), садавіна (11,9%).

Кошт нехарчовых тавараў павялічыўся ў сакавіку на 3%, з пачатку года — на 3,6%. Лідары месяца — бензін (23,2%), тканіны (2,8%), пісьмовыя прылады (1,4%), швейныя вырабы і посуд (па 1%), лідары квартала — бензін (23,2%), тканіны (5,7%), пісьмовыя прылады (3,1%), мэбля (3%), посуд (2,4%).

Цэны і тарыфы на платныя паслугі павялічыліся ў сакавіку на 0,9%, з пачатку года — на 9,8%. За месяц больш за ўсё падаражэлі паслугі паветраных і міжгародніх чыгуначных зносінаў (на 4,5%), турыстычныя паслугі (3,6%), за квартал — газазабеспячэнне (на 71%), паслугі дашкольных устаноў (на 34,9%), вышэйшай адукацыі (на 19,6%).

31 сакавіка міністр эканомікі Мікалай Снапкоў заявіў, што перагляд прагнозу інфляцыі на 2011 год (7,5—8,5%) не плануецца, паведамляе БелаПАН.


фота: finanssvoboda.ru