За распаўсюджванне кампутарных вірусаў у Японіі могуць даць тры гады

Сёння ў парламенце Японіі зацвердзілі дапаўненні да Крымінальнага кодэксу, згодна з якім за стварэнне і распаўсюджванне кампутарных вірусаў у краіне можна атрымаць да трох гадоў турмы.

Акрамя таго, дапаўненні прадугледжваюць штраф у памеры больш за 6 тысяч долараў за здзяйсненне аналагічных злачынстваў і пакаранне за распаўсюд парнаграфіі па электроннай пошце.

Найбольшыя спрэчкі выклікалі дапаўненні, якія прадастаўляюць уладам права прасіць правайдэраў у некаторых выпадках захоўваць да 60 дзён дадзеныя аб адпраўшчыках і атрымальніках электронных пасланняў. На думку шэрагу экспертаў, гэта можа парушаць канстытуцыйнае права грамадзян на таямніцу перапіскі, паведамляе БЕЛТА.