Забойцу з Белгарада шукаюць у рэгіёнах Расіі і ва Украіне (відэа)
Паліцыя расійскага Белгарада адправіла інфармацыю пра Сяргея Памазуна ва ўсе вобласці Чарназем'я і шэраг абласцей Украіны.
У панядзелак Памазун, які меў некалькі судзімасцяў, расстраляў шэсць чалавек і ўцёк. 32-гадовы мужчына адкрыў агонь спачатку ў зброевай краме, а потым на Народным бульвары ў Белгарадзе. На месцы загінулі пяць чалавек, у тым ліку вучаніца сёмага класа, яшчэ адна 16-гадовая дзяўчына сканала ў рэанімацыі. Па звестках паліцыі, якія перадае РІА "Новости", стралок дзейнічаў адзін.
За інфармацыю пра месцазнаходжанне падазраванага абвясцілі буйную ўзнагароду — тры мільёны расійскіх рублёў. Паведамляецца, што ў Памазуна можа быць цэлы арсенал зброі.
Улады Белгарада абяцаюць матэрыяльную дапамогу сем'ям загінулых і пацярпелых пры стральбе. Акрамя таго, у горадзе адмянілі ўсе забаўляльныя мерапрыемствы, не чакаючы афіцыйнага пачатку жалобы. Сама жалоба па ахвярах бойні працягнецца два дні — у аўторак і сераду.