Загінуў футбаліст, які забіў пенальці пяткай (відэа)
Футбаліст зборнай Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Зеяб Авана загінуў у аўтакатастрофе.
Як паведамляе "Комсомольская правда", 21-гадовы футбаліст ехаў з трэніроўкі зборнай, якая рыхтуецца да матчу са зборнай Кітая. На трасе ён сутыкнуўся з грузавіком. Зеяб загінуў на месцы. Яго брат, які сядзеў на пасажырскім месцы, выжыў і цяпер знаходзіцца ў шпіталі. Калегі футбаліста па зборнай на знак жалобы адмянілі ў панядзелак трэніроўку, а на матч з Кітаем выйдуць з чорнымі павязкамі.
Паўабаронца набыў сусветную папулярнасць некалькі месяцпў таму дзякуючы здзекліваму пенальці ў матчы са зборнай Лівана.
Разбегшыся, ён перад самым мячом нечакана павярнуўся спінай да брамы і прабіў пяткай. Шакаваны галкіпер толькі прасачыў поглядам, як мяч закаціўся ў кут брамы. Відэа з гэтым эпізодам трапіла на YouTube ды імгненна стала хітом, а сам Зеяб —вядомым ва ўсім свеце гульцом. Хоць сам ён пасля матчу папрасіў у саперніка прабачэння за выказаную непавагу.