Замест 27 ліпеня апазіцыя адзначыць 25 жніўня
Дэмакратычныя арганізацыі Беларусі плануюць святкаваць 25 жніўня.
У гэты дзень будзе 20 гадоў з часу, калі Дэкларацыя аб суверэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закона.
Да свята створаны адмысловы аргкамітэт, паведамляе БелаПАН. У яго ўвайшлі Партыя БНФ, рух "За Свабоду", аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", міжнародная арганізацыя "Малады фронт" (Чэхія), аргкамітэт руху салідарнасці "Разам". Да яго будуць далучацца іншыя структуры.
У рамках святкавання юбілею аргкамітэт плануе правесці шэраг мерапрыемстваў.
Нагадаем, што ў сам дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце — 27 ліпеня дэмакратычныя арганізацыі не зладзілі ніякай акцыі.