Жыхар Гомеля патрабуе спагнаць з БТ 105 мільёнаў рублёў
Аляксандр Процка імкнецца абараніць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю сваёй дачкі Галіны.
Жыхар Гомеля Аляксандр Процка звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска з іскам да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
Паводле заявы спадара Процкі, 19 жніўня 2010 года БТ паказала відэасюжэт, у якім назвала яго дачку "сутэнёрам, які перапраўляе беларускіх дзяўчат за мяжу для занятку прастытуцыяй".
Супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і крыміналам МУС Беларусі Андрэй Сарока заявіў у эфіры, што дзяўчына раней "займалася прастытуцыяй, а цяпер сама займаецца вярбоўкай". Падчас трансляцыі каментару адказчык увесь час паказваў дачку актывіста ў кайданках.
Аляксандр Процка піша ў пазове, што адказчык, "распаўсюдзіўшы ўказаную інфармацыю яшчэ да моманту вынясення пастановы аб прыцягненні дачкі ў якасці абвінавачанай", "груба парушыў прэзумпцыю яе невінаватасці і прыстойнасці, у глыбока абражальнай форме прыпісаў ёй не толькі амаральныя, але нават і злачынныя дзеянні", "не маючы ніякіх доказаў". Паводле Процкі, адказчык скарыстаў вымысел і паклёп.
Заяўнік патрабуе абвяржэння аспрэчаных звестак, прабачэння перад дачкой і кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 105 мільёнаў рублёў, паведамляе служба маніторынгу "БАЖ".