Жыхары магілёўскіх інтэрнатаў могуць апынуцца на вуліцы
Магілёўскі будтрэст №12 разаслаў больш за 100 прадпісанняў жыхарам прыналежных яму інтэрнатаў, папярэдзіўшы, што ў іх няма законных падстаў для пражывання.
У прадпісаннях гаворыцца, што ў 10-дзённы тэрмін неабходна з’явіцца ў трэст для заключэння дамовы найму жылога памяшкання. У адваротным выпадку жыхары будуць выселеныя з займаных пакояў праз суд, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Актывіст прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці лічыць, што кампанія па высяленні людзей з інтэрнатаў пачалася пасля змены кіраўніцтва ў будтрэсце. Папярэдняе кіраўніцтва, магчыма, небескарысліва прапісвала тут грамадзянаў, якія ў трэсце не працавалі. Цяпер яны могуць апынуцца на вуліцы.
Напрыклад, Ірына Мірановіч, якая атрымала прадпісанне з трэста, кажа, што жыве ў інтэрнаце па вул. Будаўнікоў, 7 ужо 10 год. У свой час пакой атрымаў яе муж, з якім яна ўжо ў разводзе. "Калі мяне і 11-гадовага сына выселяць, то нам проста няма куды ісці жыць. Мой заробак не дазваляе здымаць кватэру. Фактычна нас выкідваюць на вуліцу", — кажа Ірына.