Жыхар Глыбокага ледзьве не загінуў, грэючы абед
30-гадовы жыхар Глыбокага падпаліў сваю кухню, разаграваючы абед. Здымаць з акна яго давялося з дапамогай пажарнай лесвіцы.
Мужчына прынёс дадому каністру з палівам, якім запраўляў касілку на працы, і паставіў у кухні недалёка ад сметніцы. Кідаючы ў сметніцу запалку, ён выпадкова трапіў у каністру.
Мужчына паспрабаваў гасіць агонь самастойна. Потым на дапамогу яму прыбег сусед, але і ўдваіх яны нічога не здолелі зрабіць. Сусед выклікаў пажарнікаў і пайшоў ратаваць ад дыму сваю сям’ю. А гаспадар кватэры, зачыніўшы дзверы, сеў на акно ў чаканні ратавальнікаў. З апёкамі галавы, рук і ног яго даставілі ў лякарню.