Зніклы брэсцкі актывіст знайшоўся ў следчым ізалятары
Яго падазраюць ва ўчыненні крымінальнага злачынства.
Віталя Каўша знайшлі бацькі і жонка. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў праваабаронца Раман Кісляк. Паводле яго слоў, сваякі Віталя паўторна наведалі РАУС Брэсцкага раёна і гарадскі следчы ізалятар. Там пацвердзілі, што Коўш у ізалятары.
Таксама міліцыянты паведамілі, што Віталя Каўша падазраюць ва ўчыненні крымінальнага злачынства. Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя. Абвінавачанне павінна быць выстаўленае цягам 10 дзён з моманту затрымання, зазначыў Раман Кісляк. 
Нагадаем, 1 верасня Віталя Каўша затрымалі ў вёсцы пад Брэстам пяцёра невядомых мужчынаў у спартовых касцюмах. Яны павалілі актывіста моладзевага руху на зямлю і збілі нагамі. Адбывалася гэта на вачах жонкі і малога сына. Са словаў Жанны Коўш, невядомыя не назваліся, пасадзілі яе мужа ў белыя “Жыгулі” і з’ехалі. У міліцыі і следчым ізалятары сваякам спачатку казалі, што Віталя да іх не прывозілі.
Фота — bymedia.net