ЗША вітаюць пашырэнне санкцый ЕС супраць Беларусі

Пра гэта заявілі БелаПАН у амбасадзе ЗША ў Мінску. Там адзначылі, што "санкцыі скіраваны не супраць народа Беларусі, а супраць тых, хто нясе адказнасць за працяг задушэння асноўных свабод пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года".

Нагадаем, 23 сакавіка ў Бруселі на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС былі пашыраны санкцыі ў дачыненні да Беларусі. У прыватнасці, візавыя і фінансавыя санкцыі ўведзены ў дачыненні да 12 грамадзян Беларусі, "адказных за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі", і 29 беларускіх прадпрыемстваў, якія "атрымліваюць выгаду ад рэжыму або падтрымліваюць яго".

Еўрасаюз запатрабаваў вызваліць усіх палітзняволеных у краіне і заявіў, што ў іншым выпадку Беларусь чакае далейшае пашырэнне абмежавальных мер.