Рэжысёр Юрый Хашчавацкі здымае фільм пра тое, як працуе "машына прапаганды"

Вядомы беларускі рэжысёр, аўтар фільмаў “Звычайны прэзідэнт” і “Плошча” Юрый Хашчавацкі распачаў працу над новым фільмам. Прысвечаны ён будзе таму, як працуе машына прапаганды ў Расіі. Пра гэта рэжысёр расказаў у размове з Еўрарадыё. Юрый Хашчавацкі: “Я зараз працую над фільмам з працоўнай назвай “Лабатамія”. Пра тое, як працуе машына лжы ў Расіі, машына прапаганды. Усё на аснове падзей у Грузіі і Паўднёвай Асеціі. А таксама ў Эстоніі ў гісторыі з бронзавым салдатам. І з Украінай. Таксама павінна ўвайсці частка матэрыялаў — што адбываецца. Так бы мовіць — погляд з боку”.

Рэжысёр упэўнены, што гэты яго фільм не возьме для паказу ніводзін расійскі тэлеканал.

Юрый Хашчавацкі: “Возьмуць, але гадоў праз 20. Як гісторыю сваю. Калі гэта ўжо не расійскія каналы будуць, а каналы земляў. Накшталт Маскоўскага княства, Уральская рэспубліка, Дальнеўсходняе царства, Казанскі каганат які-небудзь. Яны будуць паказваць. Для таго, каб патлумачыць сваім грамадзянам, чаму яны развалілі “Вялікую Расію”.