Рух "За Свабоду" гатовы бясконца падаваць заяўкі на рэгістрацыю ў Мінюст

Па словах Юрася Губарэвіча, адказ наконт рэгістрацыі руху "За Свабоду" павінен быў прыйсці да 10 красавіка. Аднак дагэтуль з Міністэрства юстыцыі няма нічога. Дакументы на рэгістрацыю аб'яднання былі пададзеныя яшчэ 10 сакавіка. У каментары Еўрарадыё Ю.Губарэвіч, абраны намеснікам старшыні арганізацыі, паведаміў, што гэта ўжо трэцяя спроба зарэгістраваць рух. На яго думку, першыя дзве адмовы былі палітычна, а не юрыдычна матываванымі, і з таго часу пазіцыя дзяржавы не змянілася.

Ініцыятары гатовыя падаваць заяўкі на рэгістрацыю да тае пары, пакуль не зменіцца стаўленне ўлады.

Губарэвіч: "Кожны раз, калі мы праводзім агульны сход заснавальнікаў, мы размаўляем пра бягучыя справы руху, робім планаванне, абмяркоўваем і прымаем рашэнні па правядзенні нейкіх кампаній. Таму займацца рэгістрацыяй, пакуль дзяржава не здасца, для нас не складае ніякіх праблемаў".

Нагадаем, што кіраўніком руху "За Свабоду" абраны экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.