Рух "За свабоду" не будзе ўдзельнічаць у вылучэнні "адзінага" кандыдата?

Рух "За свабоду" кажа пра немагчымасць удзельнічаць у кампаніі АДС па вылучэнні "адзінага" дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты. Нагодай, як паведамляе сайт "Мы", сталі заявы лідэра камуністаў Сяргея Калякіна. Намеснік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч заявіў, што ў АДС існуюць прынцыповыя разыходжанні па пытанні геапалітычнага выбару Беларусі. Зараз яны выяўляюцца публічна, і гэта паказчык глыбокага крызісу структуры, аб'яднанай не на агульных каштоўнасцях, а толькі на пазіцыі супрацьдзеяння Лукашэнку.

Па словах Губарэвіча, выказванні Калякіна і іншых прадстаўнікоў суб'ектаў АДС ставяць пад пытанне далейшае існаванне кааліцыі.

Нагадаем, што ў інтэрв'ю "Беларускаму партызану" кіраўнік беларускіх камуністаў заявіў пра неабходнасць хутчэйшай пабудовы Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Таксама Калякін выказаўся за ўвядзенне агульнай валюты і пазіцыянаваў сябе як яскрава прарасійскага палітыка.