Р.Якаўлеўскі: У адносінах да Беларусі амерыканскі курс застанецца нязменным

Апошнія дні за перадвыбарчай “гонкай” у ЗША сочыць увесь свет. Хто стане наступным прэзідэнтам Злучаных Штатаў — дэмакрат альбо рэспубліканец? Ці паўплываюць вынікі выбараў у Амерыцы на Беларусь?
Пра гэта і іншае мы размаўляем з экспертамі, нашымі сённяшнімі відавочцамі тыдня аглядальнікам міжнароднага Інтэрнэт-парталу "Wider Europe" Раманам Якаўлеўскім і міжнародным каардынатарам Хартыі’97 Андрэем Саннікавым.

Чаму амерыканскім выбарам надаецца так шмат увагі?

Якаўлеўскі: Мяркуючы па рэакцыі грамадства, выбары ў ЗША больш цікавыя, чым прэзідэнцкія выбары ў Расіі. Таму што ў амерыканскіх выбарах на самой справе існуе тая інтрыга, якая сведчыць аб дэмакратыі, аб празрыстасці і аб тым, што ў людзей на самой справе ёсць выбар. У адрозненні ад выбаршчыкаў у Беларусі і Расіі.

Ужо доўгі час у ЗША ва ўладзе не было дэмакратаў. Якія ёсць шанцы, што дэмакраты прыйдуць да ўлады ў гэты раз?

Якаўлеўскі: Думаю, дакладна такія ж, як і ў рэспубліканцаў. Я б так не ставіў пытанне, таму што ў дэмакратаў у адрозненне ад рэспубліканцаў пасля “супераўторка”, калі былі праймерыз у 22 штатах, так лідэр і не выявіўся. Дзесьці лідзіруе Абама, а дзесьці — Клінтан. І казаць пра шанцы дэмакратаў… У гэтым і палягае інтрыга цяперашніх выбараў, што вось сёння мы не можам дакладна сказаць, хто будзе прэзідэнтам Злучаных Штатаў.

Саннікаў: Нельга казаць у каго больш шанцаў. Я лічу, што вось тое, што цяпер адбываецца, паказвае, што і ў дэмакратаў, і ў рэспубліканцаў амаль што аднолькавыя шанцы. Пакуль яшчэ не вызначаны кандыдаты.

Нават у рэспубліканцаў я б не казаў, што ўсё ўжо вызначылася, што Маккейн будзе кандыдатам. Ён бясспрэчны лідэр, але ж там могуць быць розныя падыходы і ўнутры партыі, і з боку іншых кандыдатаў, якія засталіся. Вельмі шмат, я лічу, будзе залежаць ад таго, якія пары з’явяцца, хто пойдзе побач з Маккейнам, хто пойдзе побач з кандыдатам ад дэмакратыі.

Наколькі важныя вынікі “праймарыз”? Ці можна па іх меркаваць пра будучага прэзідэнта? Ці можна ўжо цяпер рабіць нейкія высновы?

Якаўлеўскі: Вынікі гэтых праймерыз у 22 штатах паказалі, што людзі вызначыліся са сваім кандыдатам у прэзідэнты – гэта Джон Маккейн, а ў дэмакратычнай партыі яшчэ ідзе даволі жорсткая барацьба. У верасні толькі будуць партыйныя з’езды, дзе будуць выбіраць кандыдата ў прэзідэнты ад партыі.

А як яны паўплываюць на самі выбары… Яшчэ раз падкрэсліваю, што ў адрозненне ад прэзідэнцкіх выбараў у Расіі і Беларусі ў амерыканскіх выбаршчыкаў проста ёсць выбар, іхныя галасы ўлічваюцца. На жаль, тое ж самае мы не можам сказаць ні пра мінулыя беларускія выбары, ні пра будучыя выбары ў Расіі.

Што можа значыць для Беларусі прыход да ўлады ў ЗША дэмакратаў? Увогуле, як паўплываюць выбары ў Амерыцы на Беларусь?

Якаўлеўскі: На Беларусі, дзякуй богу, ніяк не адаб’ецца. Будзе па-ранейшаму жорстка. У адносінах да Беларусі курс застанецца нязменным.

Саннікаў: Што тычыцца Беларусі, ёсць згода паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі. Што тычыцца менавіта беларускай сітуацыі, абароны правоў чалавека, падтрымкі дэмакратыі, дэмакратычных сілаў… Дэмакраты і рэспубліканцы добра супрацоўнічаюць. Дарэчы, і спадарыня Клінтан сустракалася з нашымі жанчынамі, праз Хартыю накіроўвавала ліст у падтрымку жанчын і дэмакратыі ў Беларусі. Мы сустракаліся з Маккейнам. Ён і цяпер падчас сваёй кампаніі ўзгадвае Беларусь.

Таму, я лічу, што тут, у Беларусі, сітуацыя настолькі ненармальная, што не можа быць разыходжанняў у дэмакратычных краінах, што тычыцца гэтай сітуацыі.

Якаўлеўскі: Ніякіх зменаў ніхто не прагназуе. Для кіруючага рэжыму спадзявацца на нейкае пацяпленне адносінаў няварта. Незалежна ад таго, хто з цяперашніх трох рэальных прэтэндэнтаў – Маккейн, Клінтан альбо Абама – прыйдзе да ўлады, ніхто не чакае, што могуць быць нейкія надзеі для Лукашэнкі.

Для апанентаў кіруючага рэжыму Беларусі які кандыдат больш прымальны?

Якаўлеўскі: У Беларусі для апанентаў кіруючага рэжыму, канешне, больш прымальны Джон Маккейн. Яго больш ведаюць, ведаюць яго пазіцыю ў адносінах да беларускага рэжыму – ён неаднаразова яе агучваў. Ён больш вядомы, таму што пра Абаму можна меркаваць толькі па яго дарадцы, а менавіта — Бжазінскім. Сказаць, што Бжазінскі неяк па-іншаму глядзіць на кіруючы рэжым у Беларусі, нельга.

Я б таксама звярнуў вашу увагу на такі цікавы момант… Галоўны саветнік у Маккейна – Генры Кісінджэр, патрыярх амерыканскай дыпламатыі. А ў Барака Абамы, як ні дзіўна для многіх, Збігнеў Бжазінскі. Вось вам і адказ на пытанне, калі б, напрыклад, прэзідэнтам стаў Абама.

Ці добра ведае Маккейн пра сітуацыю ў Беларусі?

Саннікаў: Я б хацеў сказаць, што ён неаднаразова сустракаўся і з лідэрамі апазіцыі і з іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Гэта было і на Рыжскім саміце NATO і на іншых форумах, і ў Вашынгтоне. І ён вельмі цудоўна азнаёмлены з такой балючай тэмай, як зніклыя.