Рыд Таліпаў паставіў у Віцебску прэм'ерны спектакль

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску сёння адбудзецца прэм'ера спектакля "Мудрацы...". Гэта першая пастаноўка лаўрэата міжнародных тэатральных фэстаў Рыда Таліпава ў якасці мастацкага кіраўніка коласаўскага тэатра, адзначае БЕЛТА. Спектакль пастаўлены паводле п'есы Аляксандра Астроўскага "На ўсякага мудраца даволі прастаты". У выкладзе Рыда Таліпава дзея атрымалася ў жанры сатырычнага рэалізму.

Дарэчы, Рыд Таліпаў пачаў супрацоўнічаць з коласаўскім тэатрам у 2002 годзе і паставіў на яго сцэне спектаклі "Кацярына Іванаўна" Леаніда Андрэева і "Васа" Максіма Горкага з народнай артысткай Беларусі Святланай Акружной у галоўных ролях.