С. Мацкевіч: Усталёўваем сталыя сувязі з краінамі "Ўсходняга партнёрства"

У Бруселі працягваецца Форум грамадзянскай супольнасці ў рамках ініцыятывы "Ўсходняга Партнёрства". Сярод 220 прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый з Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы, Украіны і краін ЕС — 27 з Беларусі. Зараз ідзе праца чатырох працоўных групах. Каардынатарам самай вялікай з іх — "Дэмакратыя, добрае кіраванне і стабільнасць" (77 удзельнікаў) — абраны беларускі грамадскі дзеяч Сяргей Мацкевіч.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Мацкевіч прызнаўся, што ўражанні ад першага дня Форуму неадназначныя.

Сяргей Мацкевіч: "Галоўнай мэтай беларускіх арганізацый было ўсталяваць Форум як неаднаразовае мерапрыемства, а як пастаянна дзеючы механізм. І пакуль мы толькі крочым у гэтым кірунку. Пакуль яшчэ не зразумела, як праца будзе ісці далей. Але спадзяемся, што гэта будзе арганізавана, што мы будзем мець пастаянныя камунікацыі з краінамі Усходняга Партнерства, Еўракамісіяй і іншымі структурамі, якія маюць уплыў".

Адзначым, што сёння на фінальную сесію Форума прыедуць камісар па знешніх сувязях Беніта Ферэра-Вальднэр, міністр замежных спраў Швецыі Карл Більдт і прэзідэнт Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага Савета Марыё Сэпі.


Нагадаем, карэспандэнты Еўрарадыё асвятляюць падзеі Форума грамадзянскай супольнасці, а таксама паседжанне Савета ЕС проста з Бруселя.

Даведацца пра развіццё падзеяў і свежыя каментарыі экспертаў болей можна на старонцы Еўрарадыё "Клікні Еўропу!"