Сакрэтны расійскі аб'ект у Беларусі святкуе сваё 25-годдзе

25-я ўгодкі святкуе адзін з самых сакрэтных расійскіх аб'ектаў у замежжы — станцыя ранняга ракетнага папярэджання "Волга", якая месціцца ў Беларусі, у раёне Ганцавічаў.   Як адзначае тэлеканал "Вести", радыёлакацыйная станцыя па-ранейшаму застаецца галоўнымі "вачыма Масквы" на заходнім накірунку, яна займае важнае месца ў сістэме Касмічных войскаў Расіі. Большая частка станцыі схаваная пад зямлёй — на паверхні толькі перадатчык і прыёмнік памерам з футбольнае поле.



"Частка выконвае складаную баявую задачу па выяўленню касмічных аб'ектаў, траекторыі якіх знаходзяцца ў зоне агляду станцыі, — гаворыць камандзір расійскага аб'екта палкоўнік Аляксей Папоў. — Гэта значыць, усе касмічныя аб'екты, дадзеныя па ім, удакладняюцца і перадаюцца ў пункты вышэйшага камандавання".

Адзначым, што пытанне знаходжання расійскіх вайсковых аб'ектаў у Беларусі і матэрыяльнай кампенсацыі за іх неаднаразова ўздымалася кіраўніком нашай краіны падчас непаразуменняў з Масквой у пытаннях паставак газу альбо мытных пошлінаў.