Саракагоддзе Вудстока адзначаць канцэртамі ў Нью-Ёрку і Берліне

Саракагоддзе знакамітага музычнага фэсту ў Вудстоку, які прайшоў з 15 па 18 жніўня 1969 года, адзначаць канцэртамі ў Нью-Ёрку і Берліне, паведамляе Rolling Stone. Арганізатарам мерапрыемстваў стане Майкл Лэнг, які браў удзел у правядзенні "Вудстока-69", а таксама юбілейных "Вудсток-94" і "Вудсток-99".

Канцэрты ў Нью-Ёрку плануюцца на 15 і 16 жніўня, дакладнае іх месца пакуль невядома. Канцэрты ў Берліне адбудуцца 22 і 23 жніўня на тэрыторыі закінутага аэрапорта "Тэмпельхоф".

Арганізатары спадзяюцца прыцягнуць гэтым разам выканаўцаў, якія выступалі на першым фэсце, у тым ліку Карласа Сантану, The Who, удзельнікаў Grateful Dead.

Фэст стане пятым у чарзе юбілейных мерапрыемстваў, прысвечаных "Вудстоку-69". У розныя гады ў юбілейных канцэртах прымалі ўдзел Taj Mahal, Aphex Twin, The Orb, Шэрыл Кроў, Metallica, The Cranberries, Піцер Гэбрыэл, Green Day, Брытні Спірс, Moby, Red Hot Chili Peppers. Апошні па часе фэст "Вудсток-99" быў адзначаны шматлікімі актамі гвалту сярод гледачоў.

Першы "фэст міру і музыкі" у Вудстоку адбыўся падчас росквіту руху хіпі і стаў для многіх увасабленнем "эпохі шасцідзесятых". У рамках фэсту выступілі шматлікія вядомыя выканаўцы таго часу - ад Раві Шанкара, Джэніс Джоплін і Джоан Баэз да Джымі Хендрыкса, Grateful Dead, The Who і Jefferson Airplane.

Фота: www.shtormax.3dn.ru