Сашко Положинський: Я ніколі не згаджуся рабіць тое, што мне не падабаецца

Падчас фэсту BeFree Сашко Положинський, лідэр вядомага ўкраінскага гурта"Тартак", парадаваў Еўрарадыё добрым веданнем беларускай музыкі, акрэсліў падабенства праблемаў нашага і суседскага року, распавёў пра сваё стаўленне да ўдзелу музыкаў у палітычных акцыях і падаўся бясстрашным чалавекам, які заўсёды можа сказаць новаму жыццю "Прывет!"
Еўрапейскае радыё для Беларусі: Падчас фэсту Be Free вы былі заўважаны ў глядацкім натоўпе актыўна трасучы галавою. Я разумею, такім чынам адбывалася вашае знаёмства альбо чарговая сустрэча з беларускай музыкай?



Сашко Положинський (С.П.): Ну, гэта не зусім знаёмства, хутчэй, працяг знаёмства з беларускім рокам. Я дастаткова шмат песень чуў у запісу, назвы гуртоў мне знаёмыя, няхай не ўсе, але большасць з іх. Мне проста цікава працягнуць гэтае знаёмства навочна: больш слухаць, больш глядзець, як працуюць людзі. У прынцыпе, музыка падабаецца, толькі вось не заўжды падабаецца, як яна падаецца, не заўжды гучыць якасна, як на мой густ, і на некаторыя нумары нуднавата глядзець. Слухаць прыемна, а глядзець не надта.

ЕРБ: Ад чаго гэта залежыць?

С.П.: Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў. Ад адсутнасці сцэнічнага досведу, напрыклад, то бок, гурт грае добра, але грае ў асноўным на рэпетыцыйных базах, на сцэне ж, тым больш на фестывальнай сцэне, выступае зрэдку – гэта адзін з варыянтаў. Варыянт другі… Я, напрыклад, перакананы, што гурт “Partyzone” на фэсце выступаў не са сваім бубначом. Было відаць, што бубнач не надта разумеў, дзе і што ён павінен граць, і, вядома, праз гэта калектыў здаваўся зусім не сыграным. Разам з тым самыя прыемныя ўражанні я атрымаў ад гурта з Францыі, які не чакаў тут убачыць. Каманда аказалася цікавай, вельмі яскравай. Не хачу сказаць, што мне хацелася б бачыць такое пастаянна і шмат, але іх выступ стаў нядрэннай разынкаю фэсту.



ЕРБ: А з беларускіх гуртоў-выступоўцаў каго можаце адзначыць?

С.П.: У першы фестывальны дзень мне больш за ўсіх спадабаўся, як не дзіўна, Pomidor/off. Калектыў гучаў. Па ўсім відаць, што хлопцы даўно і граматна граюць. У другі дзень фэсту я, калі шчыра, прыйшоў паслухаць гурт “IQ48”, мне было цікава пабачыць і паслухаць іх ужывую. Яшчэ “Ulis”: я ведаю толькі адну іх песню “Радзіма-свабода”. Хацелася пачуць астатнія.



ЕРБ: Назіраючы за тым, што адбываецца ў беларускай музыцы, можаце правесці нейкія паралелі з украінскай музыкай?

С.П.: Я магу правесці паралелі з фэстам, які зараз праходзіць у маім родным Луцку. Фестываль называецца Бандэрштадт, і, у прынцыпе, ён нясе ў сабе ідэі, падобныя ідэям Be Free. Толькі Be Free робяць беларусы з акцэнтам на беларускую ідэю і запрашаюць суседзяў, а на Бандэрштадт праводзяць украінскую нацыянальную ідэю і запрашаюць украінскія каманды. Першыя ўражанні ад фестывалю ў Луцку не надта добрыя. Маю на ўвазе арганізацыю. Калі параўноўваць гэтыя два фэсты па ўзроўню арганізацыі, то Be Free, мабыць, пераважае, хоць пра Бандэрштадт я ведаю са словаў людзей, якія там былі… Мне здаецца, што праблемы беларускага і ўкраінскага року ідэнтычныя: няма дзе выступаць, няма магчымасці прабіцца ў тэле-і радыё эфіры, няма магчымасці якасна запісвацца, здымаць якаснае відэа. Калі ж у рэшце рэшт атрымоўваецца нешта падобнае зрабіць, дык не факт, што можна камусьці паказаць зробленае, апроч карыстальнікаў Інтэрнэту. Калі браць пад увагу непасрэдна музыку, параўноўваючы ўдзельнікаў з Украіны і Беларусі на фэсце Be Free, то мне падаецца, што ўкраінскія каманды па музыцы больш зарыентаваныя на Захад, а ў большасці беларускіх каманд усё-такі адчуваецца ўплыў расійскага року, ад якога вельмі цяжка адбіцца. Да прыкладу, выступала каманда “Mauzer”. Тэксты цяжка было зразумець. Аднак ў паводзінах на сцэне і ў некаторых іншых момантах “савок” праскокваў. Гэта адбываецца таму, што ціску Расіі вельмі цяжка пазбавіцца. Расія цісне ў інфармацыйнай прасторы вельмі моцна і на нас, і на Беларусь. Магчыма, нам трошачкі лягчэй гэтага ціску пазбавіцца. Магчыма, кажу, бо не ведаю дасканала вашую сітуацыю. Маю на ўвазе тое, што мы крыху раней пачалі працэс адчужэння. Ва Украіне ўжо даўно праводзяцца фэсты, якія намагаюцца выцягнуць сучасную украінскую музыку на новы ўзровень. Вядзецца праца над тым, каб цягнуць каманды далей ад Расіі і ў тэкстах, і ў музыцы, і ў ідэалогіі.



ЕРБ: Украінамоўныя гурты вядомыя ў Расіі. Яны запатрабаваныя расійскім гледачом, што відавочна дзякуючы актыўным тэле-і радыё ратацыям. Пры тым, згодна з вашым меркаваннем, украінскія гурты больш арыентуюцца на Захад. Беларускія ж беларускамоўныя гурты, музыка якіх знаходзіцца пад уплывам т.з. “саўку” і расійскага року, зусім не патрэбна ў Расіі. Чаму так адбываецца?

С.П.: Можна назваць некалькі ўкраінскіх украінамоўных гуртоў, якія сталі папулярнымі ў Расіі: “Воплі Відоплясова”, “Океан Эльзи”...

ЕРБ: “БумБокс”?

С.П.: Ну, “БумБокс” зараз спявае шмат песень па-расійску. І гэты фактар патрэбна ўлічваць. У Беларусі гурты, якія пераважна спяваюць на роднай мове, ўспрымаюцца як нацыяналістычныя. Таму яны нікому ў Расіі не патрэбныя. Лічу, што ў першую чаргу тут трэба разглядаць пытанні, што тычацца ідэалогіі.



ЕРБ:
Сашко, вы - не толькі вядомы музыка, але і вядомы тэле-і радыё вядучы. Некаторых беларускіх музыкаў лёс таксама звязаў з СМІ. Часам у гутарцы з імі адчуваецца нейкі сорам за тое, што немагчыма жыць толькі за кошт музыкі...

С.П.: Я заўсёды ўсё гэта рабіў паралельна. У 95-м годзе на наступны дзень пасля таго, як атрымаў дыплом эканаміста, мне пашчасціла быць арганізатарам, вядучым і удзельнікам аднаго з гуртоў вялікага канцэрту. З таго моманту ў маім жыцці ўсё адбывалася паралельна. Адно другому не перашкаджала, а толькі дапамагала. Я не разумею, чаго тут можна саромецца. Што тычыцца непасрэдна мяне, я ніколі не згаджуся, як вядучы, ці на радыё ці на тэлебачанні рабіць тое, што мне не падабаецца, гаварыць тое, што мне не падабаецца, таму мне не прыходзіцца саромецца за сябе.

ЕРБ: У вас багатая дыскаграфія. У 2005 годзе вы ўпершыню выдалі альбом рэміксаў. Чаму ўзнікла патрэба электроннага варыянта “Тартака”? Гэта даніна модзе ці звычайны эксперымент?

С.П.: Насамрэч, такія праекты, як рэміксы і нешта падобнае, мы не ўносім у афіцыйную дыскаграфію каманды. У афіцыйнай дыскаграфіі “Тартака” ёсць 5 альбомаў. Ёсць таксама паралельныя праекты. Адным з такіх праектаў і стаў альбом рэміксаў “Перший комерційний”. З аднаго боку, проста было цікава паслухаць, што там хлопцы намудруюць, тым больш, што гэта былі не выпадковыя рэміксы, а рэміксы людзей, да якіх я звяртаўся асабіста і якіх я асабіста паважаю як адмыслоўцаў. Гэта не выглядала так: мы робім альбом рэміксаў - рабіце, хто хоча. Не. Я прыходзіў да сваіх даўніх альбо новых сяброў, да якіх заўсёды ставіўся з павагаю як да людзей, якія ўмеюць ствараць цікавыя рэчы. Менавіта ім я прапанаваў зрабіць 1-2 рэміксы, як у каго атрымаецца. Шчыра кажучы, я не шкадую, што мы гэта здзейснілі. Па-першае, праца дала магчымасць слухаць нашыя песні людзям, якія “Тартак” у чыстым выглядзе не ўспрымаюць. А з іншага боку, мы здолелі стварыць нават нейкія рарытэтныя рэчы, таму што 2 рэміксы зрабіў чалавек, якога ўжо няма ў жывых. Ён лічыўся адным з найвялікшых адмыслоўцаў сучаснай музыкі ва Украіне. Зараз яго няма, але ў нас ёсць 2 ягоных рэміксы – такая класная памяць пра чалавека. Таму я ўпэўнены: калі раптам узнікаюць класныя ідэі, іх трэба хутчэй рэалізоўваць, бо людзі ідуць з жыцця, на жаль. Таксама напачатку бягучага году выйшаў наш альбом “Тартак. Гуляйгород”, дзе збераглося ўсё ад альбому-арыгіналу — парадак песень, вакальныя партыі, толькі музыка стала іншай. Таму гэты альбом цяпер называецца па-іншаму: “Тартак. Гуляйгород. Кофеін”, бо ўсю музыку зрабіла студыя “Кофеін”.



ЕРБ: Дарэчы, пра альбом “Гуляйгород”. Чаму ўзнікла жаданне выкарыстаць этнічны матэрыял і зрабіць з яго цэлую праграму? Хто дапамагаў вам у яе рэалізацыі?

С.П.: Трывалы час нас да гэтага падштурхоўвалі сябры і знаёмыя, якія цікавяцца і “Тартаком” і фальклорнай музыкай. Яны лічылі, што калі мы зробім нешта падобнае, атрымаецца абавязкова цікава. Пэўны час прайшоў дзеля таго, каб вынасіць у сабе ідэю. Было патрэбна знайсці формулу, у якой будзе адбывацца нашая праца з фальклорам. І калі я для сябе ўжо знайшоў гэтую формулу, так супала, што патэлефанаваў Алег Скрыпка і запрасіў “Тартак” да ўдзелу ў фестывалю “Краіна Мрій”. Адразу пасля я звязаўся са сваім знаёмым адмыслоўцам і аматарам этнічнай музыкі Тарасам Грымалюком і папрасіў яго параіць нейкі калектыў, які быў бы не занадта занураны ў нейкія артадаксальныя рэчы, і быў гатовы да сумеснай працы з сучаснаю музыкай. Тарас параіў “ГуляйГород”. Мы з імі хутка знайшлі агульную мову. На жаль, таксама хутка мы тую агульную мову згубілі. Фактычна, за год сумеснай працы з “Тартаком”, гэты гурт набыў зусім іншы статус у сучаснай ўкраінскай музыцы. Не маючы да таго нічога апроч 1-2 канцэртных запісаў, выдадзеных на нейкіх складанках, яны атрымалі адразу паўнавартасны альбом, атрымалі колькі кліпаў, атрымалі ўсеўкраінскі тур разам з намі, што, на мой погляд, выбіла крыху людзей з каляіны: пачаліся канфлікты і нават асабістыя абразы, якія закончыліся тым, што зараз мы гэты матэрыял выконваем з іншымі людзьмі. Звычайна маем неідэальны варыянт, але тыя дзяўчыны, з якімі цяпер працуем, дастаткова прафесійныя, з аднаго боку, а з іншага боку, іх не заносіць, і нам лёгка знаходзіць з імі агульную мову, што вельмі важна для працы калектыву.



ЕРБ: “Тартак” можа спяваць пра слёзы-соплі, пра сацыяльна-палітычныя з’явы...

С.П.: Мы спяваем пра што заўгодна: што жыве ў душы вакаліста і аўтара тэкстаў, пра тое і спяваем.

ЕРБ: Як вы ставіцеся да музыкаў, якія лічаць, што творчасць і музыка, прынамсі, павінна быць па-за палітыкай?

С.П.: Існуе выраз, які выдумаў не я: калі ты не цікавішся палітыкай, гэта зусім не значыць, што палітыка не цікавіцца табою. Абстрагавацца ад палітыкі немагчыма, нават калі ты залезеш высока ў горы ці глыбока ў джунглі, і штучна сябе ізалюеш ад грамадства, ад навакольнага асяроддзя, ад інфармацыйнай прасторы – гэта не азначае, што ў нейкі цудоўны момант да цябе ў хату не ўварвецца чувак з аўтаматам і не скажа: “Вымятайся са сваёй халупы, цяпер тут буду я!” Усё гэта досыць адносна. Мне здаецца, што можна схавацца ад палітыкі на нейкі час, але рана ці позна ты адчуеш на сабе яе ўплыў. Таму лепш рабіць так, каб мець магчымасць нейкім чынам, няхай мінімальным, ўплываць на палітыку, пазіцыянаваць сябе дакладна і катэгарычна, чым быць якім-небудзь аморфным чалавечкам, які прагінаецца пад пэўныя абставіны і чуе сябе ў гэтай сітуацыі максімальна камфортна.

ЕРБ: “Тартак” удзельнічае ў палітычных акцыях?

С.П.: Мы бярэм удзел, але чым далей, тым радзей, бо менш і менш застаецца даверу да тых ці іншых палітычных сілаў, і ўсё цяжэй і цяжэй прымушаць сябе браць удзел у такіх акцыях. І нават калі нібыта палітычная сіла, якая праводзіць тую ці іншую акцыю, дэкларуе рэчы, якія блізкія нам, альбо мне па духу, па сваёй ідэалогіі, то ў нейкі канкрэтны момант ты пачынаеш разумець, што справа, якая хаваецца за словамі, зусім не адпавядае гэтым рэчам. З гэтай прычыны год таму мы фактычна прыпынілі сярод туру сумесную працу з адной з палітычных сілаў, якую падтрымлівалі сваім удзелам у канцэртах. Мы за іх не агітавалі – гэта была адна з умоваў нашага ўдзелу. Мы не агітавалі, але мы ігралі на іх канцэртах. І ўсё-такі ў пэўны момант мы не вытрымалі і сказалі: “Досыць, прабачце!” Так мы страцілі гэтым учынкам добры шматок грошай, але зараз з аднаго боку, мы маем чыстае сумленне, з іншага боку – павагу людзей.



ЕРБ: Якім вы бачыце свой гурт праз 10 год?

С.П.: Я ніколі так далёка не зазіраю. “Тартак” пачынаўся выпадкова, “Тартак” існуе без усялякіх далёкасяжных планаў. Я ведаю, чым “Тартак” займаецца зараз! Мы зараз рыхтуем новы матэрыял для таго, каб пісаць новы альбом. Я нават сабе не загадваю, калі той новы альбом выйдзе. Я цалкам дапускаю магчымасць таго, што ў нейкі пэўны момант мы ўсе зразумеем, што нам гэта не цікава, ці мне гэта не цікава, і проста будзе сказана: “Стоп! “Тартак”— да пабачэння! Прывет, новае жыццё!”



ЕРБ: Чакаем Вашага звароту да слухачоў Еўрарадыё…

С.П.: Слухайте Тартак! Слухайте Тартак щодня, щоранку, щоночі, слухайте Тартак цілодобово. Тартак – це класно, Тартак – це круто, Тартак – це багато різної музики. Тартак – це ми!




Фота: www.tartak.com.ua
Еўрарадыё