Сцэнар да фільма паводле Караткевіча гатовы, але сам праект прыпынены

Праца над сцэнаром да чатырохсерыйнага фільма паводле рамана Ўладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” завершаная і бліжэйшымі днямі патрапіць на “Беларусьфільм”. Пра гэта Еўрарадыё расказаў сцэнарыст Аляксандр Качан.
Найвялікшая складанасць, па яго словах была ў тым, што раман Караткевіча незавершаны. А ў кінематографе такое не прынята – рабіць фільм без лагічнага фіналу.

Качан: “У мяне была ідэя зрабіць больш-менш традыцыйны вялікі фінал з элементамі хэпі-энда. Але потым схіліўся да думкі, што фільм, як і кніга, мусіць мець адкрыты фінал. Іншая справа, што там павінен быць пэўны катарсіс. Спадзяюся, што гэта і будзе”.

Як прызнаўся Аляксандр Качан, яму паведамілі, што праца над фільмам адкладзеная на нявызначаны тэрмін. Нягледзячы на гэта, прадзюсары яму неаднаразова тэлефанавалі і прыспешвалі, каб здаў сцэнар своечасова. І гэта дае падставы меркаваць, што фільм будзе ўсё ж зняты.

Качан: “У будучым можа і зробяць. Гэта не азначае, што наогул не будзе зняты фільм. Я спадзяюся, што ён будзе зняты”.