Sepultura натхніў «Завадны апельсін»

Бразільскія трэшары Sepultura пачалі запіс свайго новага паўнавартаснага альбома, паслядоўніка выдадзенага ў 2006-м годзе «Dante XXI». 19 траўня музыкі размясцілі на сваёй MySpace-старонцы паведамленне пра тое, што яны цяпер знаходзяцца ў студыі, дзе пераносяць на стужку назапашаны матэрыял.

Новы альбом Sepultura, як і папярэдні, будзе глыбока канцэптуальным. І калі папярэдняя праца рокераў была прысвечаная твору Дантэ Аліг’еры «Боская камедыя», то натхненнем для новага дыска стала кніга Энтані Берджэса «Завадны апельсін».

Іншых падрабязнасцяў пра новы альбом музыкі пакуль не паведамляюць.

Нагадаю, што будучы альбом стане першым дыскам Sepultura, у запісе якога не прымае ўдзел бубнач Ігар Кавалера: летась ён і яго брат - яшчэ адзін былы ўдзельнік каманды Макс Кавалера – заснавалі новы праект пад назвай Cavalera Conspiracy.

Пасля сыходу Ігара ў складзе Sepultura засталіся толькі два ўдзельнікі класічнага «рутавага» складу: басіст Паола Хіста Пінта мал. і гітарыст Андрэас Кісер.

Фота: www.thegauntlet.com