Севярынец: АДС выпадае з беларускай і еўрапейскай палітычнай рэальнасці

Ніводзін прадстаўнік Аб’яднаных дэмакратычных сілаў не быў запрошаны на сённяшнюю сустрэчу з міністрам замежных спраў Чэхіі Карлам Шварцэнбергам. З высокапастаўленым еўрапейскім палітыкам за сняданкам паразмаўлялі толькі 5 чалавек. Сярод іх Аляксандр Мілінкевіч, Павел Севярынец, Аляксандр Казулін, прадстаўнік незалежнага прафсаюза Алесь Міхалевіч і Алег Гулак з Хельсінскага камітэта.
Па словах Севярынца, гаворка на сустрэчы ішла пра шляхі ўзаемадзеяння паміж Еўропай і грамадзянскай супольнасцю ды дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Павел Севярынец: “Кірункі гэтай размовы былі такія: Еўропа ёсць гарантам беларускай незалежнасці, Еўропа можа нам дапамагчы ў справе дэмакратычных зменаў у Беларусі. Еўропу ў асноўным цікавяць эканамічныя, сацыяльныя і адукацыйныя праграмы. Асноўны лейтматыў з еўрапейскага боку — маленькія, але паступовыя і настойлівыя крокі”.

Каментуючы тое, што на сустрэчу не запрасілі прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, Севярынец адзначыў: Еўропа не разглядае АДС як суб’ект для такіх размоў.

Павел Севярынец: “У мяне чым далей, тым больш уражанне, што АДС выпадае як з беларускай, так і з еўрапейскай палітычнай рэальнасці”.