Севярынец: "Суд зафіксуе факты рэпрэсій супраць БХД для будучыні"

У Вярхоўным судзе ідзе разгляд скаргі арганізатараў партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) супраць Мінюста, які адмовіў ёй у рэгістрацыі. Павал Севярынец распавеў Еўрарадыё, што галоўнае, каб суд зафіксаваў усё факты рэпрэсій супраць заснавальнікаў партыі. Павал Севярынец: "Мы падрыхтавалі ўсю гісторыю двух хваляў пераследу. Нерэгістрацыі, прыпыненне нерэгістрацы, ананімкі. Увесь гэты бруд зараз разглядаецца ў Вярхоўным судзе. Уся гэта злачынная змова Мінюста разам з КДБ і мясцовымі ўладамі, праз якія аказваўся ціск на людзей, зараз у судзе ўскрываецца. Мы спадзяемся на тое, што гэтыя факты будуць зафіксаваны і судом, гэтыя архівы нам спатрэбяцца ў будучыні, і дыпламатамі, якія прысутнічаюць на судзе, і прэсай".

На судзе прысутнічаюць замежныя дыпламаты, у тым ліку шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан.

БХД прадаставіла ў суд заявы людзей, якія адмовіліся ад сваіх подпісаў, у якіх яны напісалі, што з'яўляюцца заснавальнікамі. На сённяшні дзень БХД мае 12 сведкаў і яшчэ некалькі сведкаў на заўтра, таму працэс хутчэй за ўсё зацягнецца на некалькі дзён.