Шчамялёў лічыць, што яго карціну скралі па замове

З сельскага клубу на Гомельшчыне скралі тры карціны беларускіх мастакоў. Аўтар адной з іх – Леанід Шчамялёў лічыць, што злачынцы дзейнічалі па замове. У гутарцы з Еўрарадыё мастак заявіў, што скрадзенай карціны “Князь-возера” не памятае. Але дзеянні злодзеяў рашуча асуджае.

Леанід Шчамялёў: “Людзі бываюць дурні па прыродзе сваёй – і крадуць! Хтосьці замовіў, мабыць, судзячы па тым, што выразалі яе з рамы. І калі б гэта была каштоўнасць і людзі хацелі б набываць каштоўнасць, дык не выразалі б гэткім чынам. Вандалы, вядома ж!”

Таксама з клубу, які знаходзіцца ў вёсцы Рассвет Акцябрскага раёну на Гомельшчыне, былі скрадзеныя карціна Ягора Батальёнка “Зімовы вечар” і Мікалая Цурыкава “Поўдзень”.  Па факце крадзяжу міліцыянты распачалі крымінальную справу.