Шэсць абітурыентаў выдаленыя з цэнтралізаванага тэставання за парушэнні

Падчас цэнтралізаванага тэставання па беларускай мове, якое прайшло ў Беларусі 12 чэрвеня, за парушэнні падчас выпрабаванняў з аўдыторый былі выдаленыя 6 абітурыентаў.

Як паведаміла “БелаПАН” загадчыца цэнтра тэставання Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Галіна Віктаровіч, большасць парушэнняў была звязаная з карыстаннем мабільнымі тэлефонамі. Каб пазбегнуць напрыемных інцыдэнтаў, адмысловец параіла увогуле не браць на тэставанне мабільныя тэлефоны.

Акрамя таго, адзін з абітурыентаў быў выдалены за тое, што задаваў пытанні суседзям, перашкаджаючы ім працаваць. Яшчэ адзін скончыў тэставацца заўчасна праз дрэннае адчуванне. Яму будзе прадстаўленая магчымасць прайсці тэставанне ў рэзервовы дзень – 4 ліпеня.

На тэставанне па беларускай мове не з'явіліся каля 5 тысяч чалавек з 87 тысяч абітурыентаў, якія зарэгістраваліся. Сёння ў краіне праходзіць тэставанне па рускай мове.