Школьнікі здалі на металалом, знойдзеныя ў Белавежы халадзільнікі і трактар

13 тон металалому сабралі ў Белавежскай пушчы школьнікі з экалагічнай арганізацыі “Экаполіс”. Ім патрапляліся пераважна старыя аўтамабілі, выкінутыя халадзільнікі, пралкі і нават трактар.
Вось што распавёў Еўрарадыё пра гэтую акцыю дырэктар Камянюкскай школы Камянецкага раёна Сяргей Міхалачкін:

"У нас пушча адразу пачынаецца за агародамі. Чысцім акрамя лесу і раку Лясную. Чысцім сіламі экалагічнай арганізацыі “Экаполіс”. У яе ўваходзяць дзеці ад другога класа. 45 адсоткаў нашых вучняў потым ідуць вучыцца па экалагічным накірунку".

Паводле слоў Сяргея Міхалачкіна, выручаныя ад сабранай другаснай сыравіны грошы пайшлі на рамонтныя камплекты для школы, інвентар для школьнага лясніцтва і прышкольнага сада з Паркам выпускнікоў.

У абласным упраўленні адукацыі сказалі, што 13 тон — гэта адзін з лепшых вынікаў.