Школьныя бібліятэкі адмовіліся ад праграмных твораў

Сёлета школьныя бібліятэкі не замовілі ніводнага праграмнага твора па беларускай літаратуры. Пра гэта паведаміў дырэктар выдавецтва "Мастацкая лiтаратура" Уладзіслаў Мачульскі. Паводле яго слоў, "школьныя бібліятэкі самаўстараніліся ад таго, каб забяспечваць дзяцей праграмнай літаратурай".

Як зазначыў Мачульскі, летась бібліятэкі сістэмы Мінадукацыі замовілі 18 найменняў кніг, але практычна нічога не выкупілі. У фармаванні дзяржаўнай замовы на выпуск кніг і іншай прадукцыі выдавецтваў цяпер удзельнічаюць толькі публічныя бібліятэкі, зазначыў дырэктар выдавецтва.

Метадычную літаратуру, па словах Мачульскага, не купляе ні Мінадукацыі, ні адзін раённы аддзел адукацыі - яна рэалізуецца толькі праз рознічны гандаль.


БелаПАН