Шпіталізаваны былы чэшскі прэзідэнт Вацлаў Гавэл

Былы прэзідэнт Чэхіі і вядомы пісьменнік Вацлаў Гавэл шпіталізаваны ў панядзелак ў Пражскую клінічную лякарню і яму зроблена аперацыя, перадае чэшскі тэлеканал TV Primа. Пры гэтым на што хварэе Гавэл не паведамляецца. Адзначаецца, што ў яго захворванне запаленчага характару. Прэс-сакратар лякарні Эва Юрынава заявіла, што стан Вацлава Гавэла стабілізаваны і ацэньваецца як “сярэдняй цяжкасці”.

Паводле слоў жонкі экс-прэзідэнта Дагмар, аперацыя прайшла паспяхова і яе муж пачуваецца лепей. У 1990-х гадах Вацлаў Гавэл меў праблемы са здароўем і 17 разоў трапляў у лякарню. У 1996 годзе яму з-за раку выдалілі палову правага лёгкага.

А ў 1998 годзе жыццё драматурга было пад пагрозай у сувязі з ускладненнямі пасля аперацыі на кішэчніку.