Штанге: У гэтай кваліфікацыі ўсё скончылася. Трэба ставіць іншыя задачы

"Мы хацелі ўкусіць вялікага сабаку, але не атрымалася", — так пракаментаваў галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге паражэнне ад зборнай Харватыі ў адборачным матчы чэмпіянату свету.
Нагадаем, гульня прайшла ўчора ў Мінску. Нашы футбалісты прайгралі 1:3. Адзіны гол у беларусаў на рахунку Дзмітрыя Верхаўцова.

Штанге выказаў шкадаванне, што ў матчах з фаварытамі групы гледачы не змаглі ўбачыць Аляксандра Глеба ў лепшай форме. З англічанамі наш капітан не гуляў з-за траўмы, а цяпер толькі набірае патрэбныя кандыцыі.

"Мы ўсе расчараваныя. Мы сябе не аганьбавалі, жадалі здзейсніць немагчымае, але не атрымалася. Я не зламаны, я не ў жалобе, але адчуваю, што ў гэтай кваліфікацыі ўсё скончылася. Трэба ставіць іншыя задачы і развівацца далей",
— прыводзіць словы Бернда Штанге БелаПАН.

Цяпер у сваёй падгрупе Беларусь займае 4-е месца з 9-ю ачкамі. З першым месцам усё ясна: у англічан 21 ачко.

На другой пазіцыі харваты, якія дзякуючы перамозе над беларусамі набралі 14 ачкоў, трэцяе месца займаюць украінцы. У іх 11 ачкоў.

Апошнія два месцы ў Казахстана і Андоры, якія маюць 3 і 0 ачкоў адпаведна.