Швейцарыя прыадчыняе банкаўскую таямніцу

Швейцарскія банкі перадалі Францыі спіс рахункаў асобаў, якія падазраюцца ва ўхіленні ад падаткаў. Берн імкнецца пакінуць чорны спіс краін — "падатковых аазісаў". Францыя атрымала ад Швейцарыі спіс 3000 банкаўскіх рахункаў. Пра гэта гэта французскі міністр бюджэту Эрык Вэрт распавёў у інтэрв'ю газеце Le Journal du Dimanche.

Гэта першы выпадак атрымання французскімі ўладамі дэталёвай інфармацыі ад швейцарскіх банкаў. Усяго на згаданых рахунках знаходзіцца каля 3 мільярдаў еўра. У дачыненні да іх уладальнікаў, магчыма, будзе распачатае расследаванне.

Выданне Spiegel Online нагадвае, што Францыя стала трэцяй краінай, з якой Швейцарыя падпісала дамову аб падвойным падаткаабкладанні і ўзяла на сябе абавязак супрацы ў выяўленні парушальнікаў падатковага заканадаўства. Швейцарыі трэба скласці 12 такіх дамоваў, каб быць выключанай з чорнага спісу так званых "падатковых аазісаў", складзенага па даручэнні лідэраў "першай дваццаткі дзяржаваў".


Паводле Reuters