Сільвіа Берлусконі другі раз заспявае пра каханне

Прэм'ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі рыхтуе да выхаду новы альбом любоўных песень, праца над якім скончыцца да снежня 2008 году. У падрыхтоўцы новай кружэлкі 72-гадоваму прэм'еру дапамагае 45-гадовы неапалітанскі спявак Марыяна Апічэла, перадае агенцтва AFP.

Нагадаем, што першы альбом любоўных песень Берлусконі, якія былі выкананыя Марыяна Апічэлай, выйшаў у 2003 годзе і патрапіў у топ 50 італьянскага хіт-параду.

Паведамляецца, што Берлусконі захапляецца музыкай з маладосці. Да палітычнай кар'еры ён некаторы час працаваў спеваком на адным з круізных лайнераў.

Адзначым, гэта не першы выпадак, калі палітыкі сумяшчаюць свае прафесійныя абавязкі са спевам. Так, у ліпені гэтага году выйшаў новы музычны альбом першай лэдзі Францыі Карлы Бруні, які заняў трэцяе месца па продажу ў краіне.

У канцы 2007 году складанку сваіх песень выдаў і прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес. На яго трапілі папулярныя венесуэльскія і мексіканскія песні, якія Чавес выконваў падчас нядзельных тэле- і радыёперадач "Ало, прэзідэнт".

А экс-старшыня КНР Цзян Цзэмін з'яўляецца вялікім прыхільнікам як кітайскай, так і заходняй оперы, асабліва твораў Вердзі, і часам сам выступае на публіцы.

Фота: blogs.reuters.com