Сіноптыкі прагназуюць на гэтым тыдні навальніцы і шквалісты вецер

Дажджы, навальніцы, шквалісты вецер чакаюцца на гэтым тыдні на большай частцы Беларусі. Пра гэта агенцтву "Інтэрфакс" паведамілі ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры. Сіноптыкі кажуць, што на гэтым тыдні да чацвярга будзе даволі халаднавата. Чакаюцца дажджы з навальніцамі. У бліжэйшыя трое сутак тэмпература паветра днём не будзе перавышаць 20 градусаў.

Аднак у чацвер-пятніцу прыйдзе новая хваля спёкі: у чацвер чакаецца 23-29 градусаў, на поўдні — да 33, у пятніцу 25-31, на поўдні — 34, а на паўночным захадзе краіны 20-24 градусы цеплыні.

У выходныя паветраныя масы з Заходняй Еўропы прынясуць чарговае паніжэнне тэмпературы. Удзень тэмпература паветра не перавысіць 17-24 градусаў.