Скандал у Мінадукацыі: супрацоўнікі ВНУ прадавалі фальшывыя дыпломы

Мінскае абласное ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі затрымала злачынную групу, якая займалася продажам дыпламоў аб вышэйшай адукацыі элітных беларускіх ВНУ. Паводле чутак, у Беларусі можна купіць паўнавартасны дыплом за 3-5 тыс. долараў. Пры гэтым пакупнік атрымліваў не толькі самое пасведчанне, але і гарантыі, таму што яго звесткі ўносяць ва ўсе ведамасці ВНУ і праводзяць па базе Міністэрствы адукацыі.

На цяперашні момант, адзначае інтэрнэт-газета "Ежедневник", міліцыянты ўжо затрымалі пяць чалавек — эканаміста РУПП "БелАЗ", метадыста дэканата Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, выкладчыка Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа, намесніка дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы МЧУП "Цэнтр эстэтычнай медыцыны Хіневіч і К", а таксама афіцыйна непрацуючую жанчыну. Але гэта — толькі пачатак, бо рыхтуюцца новыя затрыманні і больш важных асоб.

Паводле папярэдніх звестак, падставай для пачатку аператыўнай распрацоўкі стала інфармацыя, што жыхарцы Мінску прапаноўваюць набыць дыплом Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта за хабар у 4,5 тыс. долараў. У сярэдзіне красавіка жанчына перадала гэтую суму, а яшчэ праз тыдзень атрымала сапраўдны дыплом.

Нягледзячы на тое, што аператыўнікі пакуль не выдаюць інфармацыю па справе, вядома, што дыплом быў афіцыйна праведзены праз БДЭУ. А гэта значыць, што карані злачыннай групы вядуць гэтую вядучую эканамічную ВНУ краіны.

Паўстае пытанне аб датычнасці да скандалу і службоўцаў ад Мінадукацыі. Дыпломы з'яўляюцца бланкамі строгай справаздачнасці, якія кантралююцца міністэрствам.