Скандальны ўказ аб інтэрнэце прытармазілі ў Адміністрацыі прэзідэнта
Як стала вядома Еўрарадыё, указ не будзе прыняты ў бліжэйшым часе і цяпер разглядаюцца альтэрнатыўныя варыянты.
Праект указа прэзідэнта “Аб удасканаленні выкарыстання Інтэрнэту” не будзе прыняты ў бліжэйшым часе, як паведамлялася раней. Як стала вядома Еўрарадыё, ён прайшоў абмеркаванне і быў прыняты Саветам Міністраў і Мінюстам. Але яго затармазілі ў Адміністрацыі прэзідэнта, кажа генеральны дырэктар УП “Надежные программы” Юрый Зісер, які напрыканцы года браў удзел у абмеркаванні праекту ўказа.
Юрый Зісер: "Зараз ён нібыта знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта. І там яго затармазілі і разважаюць над ім".
Указ не быў ухвалены напрыканцы 2009 года — і не падпісаны дагэтуль. Цяпер ужо ўвогуле невядома, калі яго могуць падпісаць.
Юрый Зісер: "Ніхто не ведае, праз колькі дзён і тыдняў ён будзе падпісаны. Таму што ў Адміністрацыі будуць з указам з гэтым разбірацца".
Праект указа пра Інтэрнэт могуць яшчэ больш змякчыць. Паводле слоў Юрыя Зісера, у Адміністрацыі разглядаюць нават нейкія альтэрнатыўныя варыянты. Магчыма, ад першага варыянту могуць зусім адмовіцца, ці ён зазнае змены.
Еўрарадыё некалькі дзён спрабавала атрымаць каментар у Адміністрацыі прэзідэнта, але там інфармацыю ані абверглі, ані пацвердзілі.
Першапачаткова праект указа распрацоўваўся, каб забраць манаполію на знешні канал Інтэрнэту і перадаць яе ў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце, кажа Юрый Зісер. Але на яго распрацоўку было зусім мала часу, таму ўказ аброс недакладнымі фармулёўкамі і перадвыбарнымі абмежаваннямі.
Юрый Зісер: "Ён рыхтаваўся ў спешцы. Кажуць, што на яго падрыхтоўку быў усяго месяц. Ні з кім параіцца не паспелі, або можа не жадалі. Усё ж такі дакумент сыры. Усё рабілася, каб Парк высокіх тэхналогій стаў другім правайдэрам. Але пасля, відаць, гэты ўказ аброс велізарнай колькасцю рэчаў, якія маюць значэнне хутчэй да выбараў бліжэйшых. І вось там былі асноўныя недакладнасці ў фармулёўках".
Нагадаем, Саўмін у канцы снежня некалькі дзён разглядаў першапачатковы праект указу. Згодна са словамі Зісера, які прымаў удзел у працы над заўвагамі, тады Саўмін змякчыў найбольш “адыёзныя” фармулёўкі:
“Самыя адыёзныя рэчы змякчылі. Але не прыбралі”.
Эксперт адзначае, што самі ідэі, выкладзеныя ў праекце ўказа пра Інтэрнэт, вартыя. Але фармулёўкі на той момант, як кажуць, пакідалі жадаць лепшага. Напрыклад:
“Першы пункт тычыцца таго, што ў Інтэрнэце забараняецца на тэрыторыі Беларусі аказанне любых паслуг, у тым ліку інфармацыйных і рэкламных, пры дапамозе рэсурсаў, зарэгістраваных у міжнародных даменных зонах ці тых, якія не размяшчаюцца ў РБ. Атрымліваецца, што, напрыклад, Google і Mail.ru — па-за законам! Вось такая няўдалая фармулёўка”.
Другая важная заўвага, якую выказвалі эксперты падчас абмеркавання ў Саўміне, датычылася падпункта 1.2 праекта ўказа:
“Аператары электрасувязі, іншыя юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі па доступе да сеціва Інтэрнэт, размяшчэнні ў дадзеным сеціве інфармацыі, яе перадачы, захоўванні (далей — пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг), абавязаныя ідэнтыфікаваць карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў, якім яны аказалі такія паслугі”.
Юрый Зісер: “Трэба, каб карыстальнік прыйшоў з пашпартам, сказаў, хто ён, і толькі такім людзям, атрымліваецца, можна аказваць паслугі. Той жа wi-fi, той жа беспарольны доступ атрымліваюцца неўжывальныя, бо там ідэнтыфікуецца толькі абанент, але не ідэнтыфікуецца карыстальнік. А тут так сфармулявана, што выходзіць, што карыстальніку Інтэрнэта патрэбны пашпарт”.
Цяпер праект указу “замарозілі”, і не выключана, што ён будзе істотна перапрацаваны.